Пра нас

Кааліцыя “За годнае даўгалецце”

Арганізацыйная сустрэча па стварэнні кааліцыі адбылася 14 лістапада 2018 г. у Мінску. Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і эксперты, якія займаюцца рознымі накірункамі працы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей і забеспячэння роўных магчымасцяў для людзей усіх узростаў.

У склад кааліцыі ўвайшлі прадстаўнікі наступных арганізацый:

– Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск)

– Грамадскае аб’яднанне “Трэці сектар” (Гродна)

– установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна)

– Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” (Мінск)

– Грамадскае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын “Бона” (Кобрын)

– Грамадскае дабрачыннае габрэйскае аб’яднанне “Хэсэд-Рахамім” (Мінск)

– Грамадскае аб’яднанне “Залаты узрост” (Віцебск)

– “Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб’яднанне“.

Актыўны ўдзел у працы кааліцыі бяруць таксама сталыя людзі – актывісты самакіраванняў “Універсітэту Залатога Веку” (Гродна) і Мінскага гарадскога універсітэту трэцяга веку, а таксама некалькі экспертаў.

У лютым 2019 г. быў ухвалены Мемарандум Кааліцыі, у якім зафіксаваныя асноўныя накірункі сумеснай працы:

  • сумесная падрыхтоўка прапановаў да зместу Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця і іншых нарматыўных дакументаў, якія тычацца пытанняў забеспячэння годнага даўгалецця;
  • абмен інфармацыяй і досведам работы па актывізацыі сталых людзей, паляпшэнні якасці іх жыцця, забеспячэнні дыялога паміж пакаленнямі;
  • арганізацыя дыялогавых пляцовак па пытаннях, звязаных з паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей, забеспячэннем іх канстуцыйных правоў і інтарэсаў, а таксама супрацьдзеянне эйджызму;
  • павышэнне патэнцыялу арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца пытаннямі паляпшэння якасці жыцця сталых людзей;
  • ініцыяванне і стымуляванне навуковых даследаванняў, скіраваных на даследаванне стану і патрэбаў сталых людзей, якасці паслуг, а таксама іншых пытанняў годнага даўгалецця, удзел у правядзенні гэтых даследаванняў і папулярызацыі іх вынікаў;
  • паляпшэнне інфармаванасці беларускага грамадства аб рэальным становішчы сталых людзей у краіне;
  • фармаванне станоўчага вобразу сталага чалавека ў медыя;
  • ініцыяванне грамадскіх дыскусій па пытаннях годнага даўгалецця;
  • маніторынг эфектыўнасці рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця і іншых планаў, якія закранаюць інтарэсы сталых людзей;
  • прадстаўленне інтарэсаў сябраў кааліцыі на міжнароднай арэне па пытаннях паляпшэння якасці жыцця сталых людзей, забеспячэння іх правоў і інтарэсаў.

У сакавіку 2019 г. кааліцыя з дапамогай Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі арганізавала навучальны візіт у г. Арнсберг для знаёмства з досведам стварэння мясцовых планаў дзеянняў ва ўмовах старэння насельніцтва, а таксама практыкамі працы дзяржаўных і няўрадавых арганізацый па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей.

Вясной 2019 г. кааліцыя даслала таксама свае прапановы да Дарожнай карты па распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі, падрыхтаванай ЕЭК ААН, а таксама да праекта Нацыянальнай стратэгіі, распрацаванага Навукова-даследчым інстытутам пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Чатыры прадстаўнікі кааліцыі бяруць удзел у дзейнасці Працоўнай групы па распрацоўцы стартэгіі.

21-23 чэрвеня 2019 г. кааліцыя арганізавала Акадэмію Лідэраў Залатога Веку для актывістаў самакіраванняў універсітэтаў трэцяга веку і іншых пляцовак па актывізацыі сталых людзей.

1-2 кастрычніка 2019 г. плануецца правядзенне першага беларускага Форума актыўнага даўгалецця.

Каардынатарам кааліцыі з’яўляецца Вітаўт Руднік (coalition.aging@gmail.com).

Сачыць за навінамі дзейнасці кааліцыі “За годнае даўгалецце”, а таксама арганізацый-сябраў кааліцыі, можна таксама ў суполцы кааліцыі ў Фэйсбуку.

Як стаць удзельнікам кааліцыі:

  1. Падпісаць Мемарандум кааліцыі
  2. Падцвердзіць сваё жаданне ўступіць у кааліцыі, напісаўшы ў вольнай форме ліст па адрасе coalition.aging@gmail.com